«Метады, якімі дзейнічаюць сёння ў Беларусі барацьбіты з іншадумствам, не саступаюць метадам сталінскіх катаў»Вольга Гарбунова выступіла на адкрыцці выставы «Сталінскія рэпрэсіі ў Беларусі», якая праходзіць у мемарыяльным комплексе Тускуленай у Вільнюсе да 12 мая. Выстава прысвечаная памяці ахвяр Кабыляцкай гары – урочышча пад Оршай, дзе ў 1930-я гады праводзіліся масавыя расстрэлы.
Вольга Гарбунова: «Былы маёнтак Тускуленай стаў месцам пакарання
767 чалавек.
Падобных месцаў шмат і ў Беларусі. Сярод іх – Кабыляцкая гара, дзе, паводле ацэнак даследчыкаў, былі расстраляны
да 5 тысяч чалавек.
Хваля масавых рэпрэсій зноў захліснула Беларусь. Толькі ў 2023 годзе
4 248 чалавек былі асуджаныя па палітычна матываваных абвінавачаннях.
Пяцёра палітвязняў памерлі ў засценках:
Вітольд Ашурак, Мікалай Клімовіч, Алесь Пушкін, Вадзім Храсько і Ігар Леднік… Родныя і адвакаты больш за год не маюць звестак пра
Віктара Бабарыку, Марыю Калеснікаву, Мікалая Статкевіча, Максіма Знака, Паўла Севярынца, Ігара Лосіка, Сяргея Ціханоўскага…
Палітзняволеныя штодня падвяргаюцца катаванням: іх утрымліваюць у адзіночках і штрафных ізалятарах, пазбаўляюць перапіскі і спатканняў, ім адмаўляюць у атрыманні меддапамогі, лекаў, вітамінаў, сродкаў гігіены.
Я адчула на сабе, што такое лукашэнкаўская турма. І метады, якімі дзейнічаюць сёння ў Беларусі барацьбіты з іншадумствам, не саступаюць метадам сталінскіх катаў.
Мы кожны дзень робім усё магчымае, каб палітвязні выйшлі на волю. Таму сёння важная наша з вамі салідарнасць, актыўная сумесная праца палітычных структур, грамадзянскай супольнасці і незалежных СМІ.
Нельга маўчаць, нельга думаць, што ўсё неяк само сабой вырашыцца.Тускуленай і Кабыляцкая гара нагадваюць нам, да якога ўзроўню зверстваў могуць даходзіць дыктатарскія рэжымы.
Заклікаю наведаць гэту выставу, наведаць Тускуленай. Літва ўжо больш за 30 гадоў аднаўляе памяць аб ахвярах сталінізму. У адрозненне ад Беларусі, у якой рэжым зносіць курапацкія крыжы і хавае злачынствы сваіх папярэднікаў».
@CabinetBelarus