Лявон Вольскі


Kanal geosi va tili: Ukraina, Ukraincha


Канцлер беларускай рок-сцэны, аўтар нэфармальнага гімна Беларусі - “Тры чарапахі”.
Instagram: https://www.instagram.com/volski.official/
Супраца/Booking: contactvolski@gmail.com

Связанные каналы

Kanal geosi va tili
Ukraina, Ukraincha
Statistika
Postlar filtri


Сёньня сьвяткуем Дзень Волі разам - анлайн зь любой кропкі сьвету!

▶️Глядзіце сьвяточны канцэрт на YouTube-канале “Годна”

Сёньня на сцэне:

🤍 J:МОРС,
❤️ NAVIBAND,
🤍 ŠUMA,
❤️ NOCHY,
🤍 DZIECIUKI,
❤️ VOLSKI

Вядоўцы вечару: Лізавета Ветрава і Дзяніс Дудзінскі

Трансьляцыя распачнецца літаральна праз некалькі гадзінаў!


Было паўафіцыйнае сьвята «БНР-100», калі ўлады літасьціва дазволілі канцэрт і сьвяткаваньне ў «адмыслова адведзеным для гэтага мейсцы».

Былі сьвяткаваньні за мяжою (я граў калісьці на сьвятах у Злучаных Штатах і яшчэ шмат дзе), былі прымеркаваныя да гэтае даты польска-беларускія акцыі «Solidarni z Białorusią», якія зьбіралі дзясяткі тысячаў людзей у цэнтры Варшавы і іншых гарадоў...

З багатай гісторыяй, з сапраўднай сымболікай, атрыбутыкай, ідэалёгіяй. Дзякуй Богу, што мы, беларусы, маем такі выбітны дзень — Дзень Волі! Ня гэтыя, савецка-дзяржаўныя, высмактаныя з пальца, створаныя на пустым мейсцы з мыльных бурбалак і падручных сродкаў, не! Сапраўднае Сьвята, якое асьвятляе, сагравае і яднае нацыю!

Жыве Беларусь!

Чытайце на Budzma.


Сьвята, якое асьвятляе, сагравае і яднае нацыю

Ёсьць розныя сьвяты. Ёсьць афіцыйныя — «чырвоныя дні календара», а ёсьць сапраўдныя. Народныя. Іх афіцыёз ці то замоўчвае, ці палівае брудам паводле сваёй хваравітай звычкі. І ці ня самае зь іх галоўнае — Дзень Волі.

Толькі паглядзіце! — вясна, абуджаецца прырода, усё больш упэўнена сьпяваюць птушкі, навакольле прачынаецца пасьля халадоў-сьнягоў-маразоў — нават сам час гэтага сьвята стваральны ды натхняльны!

106 гадоў таму гэтымі веснавымі днямі найлепшыя людзі Беларусі сабраліся, каб абвясьціць стварэньне новай дзяржавы — Беларускай Народнай Рэспублікі. Вельмі сур’ёзна, ёміста гучыць — «Беларуская Народная Рэспубліка». І абрэвіятура выдатная — «БНР»! Значна лепшая за якуюсьці там «БССР», якая паўзе грамучай зьмяёю 🐍— бразгоча сваім «р» і шыпіць сваімі «эсэс». Лепшая за куртатую, нібыта нешта ампутавалі, «ЛітБел» і за «ССРБ» (тая ж грымучая зьмяя, толькі тут яна паўзла, шыпела сваімі «эсэс», бразгатала сваім «р», але зьнянацку ўдарылася галавою аб камень «б»).

Даруйце мне, але лепей і за невыразную й бляклую «Рэспубліку Беларусь», якая працягвае адзначаць свае невыразныя й бляклыя афіцыйныя сьвяты. І вось парадокс — сьвяты невыразныя і бляклыя, а адзначаюць іх аж на зашкале стылю «кіч» — выбухамі чырвона-зялёнага, шашлыкамі, смажанкамі, беляшамі, гарэлкай і выступамі дзяржаўных артыстаў.

Насамрэч якое з гэтых сьвятаў ні вазьмі — усё нейкая лухта, фэйк і абы-што.

Дзень народнага адзінства — ганебны падзел Польшчы паміж Сталіным і Гітлерам.

Дзень незалежнасьці — 3 ліпеня — насамрэч гэта дзень уваходу ў Менск Чырвонае арміі. Пры чым тут Незалежнасьць?

7 лістапада — выходны дзень! — сьвята кастрычніцкага перавароту ў Пецярбургу. Тое, што дзень Кастрычніцкае рэвалюцыі сьвяткуецца ў лістападзе — ужо само па сабе абсурд і ідыятызм.

Што там яшчэ? 23 лютага — дзень утварэньня ў Расеі Чырвонага войска, сарамліва перафарматаваны ў «дзень мужчынаў».

8 сакавіка — у сапраўднасьці — дзень барадзьбы жанчынаў за свае правы, але ў цяперашняй Беларусі — адзіны дзень у годзе, калі «слабы пол» ня мые посуд (падлогу, бялізну), не прасуе, не прыбірае і прымае кветкі й падарункі. То-бок, гэты адзіны дзень у годзе і ёсьць плёнам змаганьня жанчынаў за свае правы. Цікава, як бы да гэтага паставіліся Роза Люксэмбург з Кларай Цэткін?

Я ж кажу, якое афіцыйнае сьвята ні вазьмі, за кепска змайстраванымі дэкарацыямі будзе хавацца фэйк, абсурд, дурасьць і нагода падняць чарку тым, каму ўсё адно, у гонар чаго гэтую чарку падымаць.

Добра, што ўлада не настолькі разумная, каб скарыстаць наш Дзень Волі ў сваіх мэтах, прысабечыць яго, пераназваць у нейкае «Сьвята незалежнасьці» і спахабіць шашлыкамі, смажанкамі, беляшамі, гарэлкай і выступамі дзяржаўных артыстаў...

Розныя былі гэтыя Дні Волі. У кароткі пэрыяд дэмакратыі (безумоўна, гэта была не зусім дэмакратыя, але, калі параўноўваць зь сёньняшнім днём, дык зусім) сьвяткавалі на афіцыйным узроўні — з рок-канцэртам у Опэрным (ці то ля Опэрнага), са сьвяточным мітынгам, бел-чырвона-белымі сьцягамі, Пагонямі і ўсёй неабходнай атрыбутыкай, за якую сёньня можна атрымаць пару гадоў зьняволеньня. Мейсца сьвяткаваньня ахоўвала міліцыя (эх, у «паліцыю» не пасьпелі пераназваць!) з Пагонямі на кукардах і зь бел-чырвона-белымі шаўронамі.

Потым Дзень Волі зрабіўся нагодай для пратэснага мітынгу, шэсьця і нязгоды з рэжымам. Я памятаю сьвяткаваньне ў 1996-м, калі ля таго ж Опэрнага стаялі 50 000 чалавек і зьбіраліся йсьці на захоп тэлевізіі, але арганізатары іх адгаварылі (незразумела, навошта).

Памятаю Дзень Волі-2006 — пасьля плошчы Каліноўскага, пасьля разгрому намётавага мястэчка, пасьля рэкаў дэзінфармацыі ў дзяржаўных сродках масавай інфармацыі. Тады на мітынг рызыкнула заявіцца здымачная група БТ (ці нейкага іншага дзяржаўнага АНТ) і спрабавала рабіць зьедлівы рэпартаж. Пасьля ўсіх папярэдніх падзеяў людзі былі ня надта памяркоўныя, прапагандыстаў закідалі сьнежкамі (зіма тады доўга не хацела сыходзіць), і гэтыя «дзяржаўныя журналісты» ганебна пакінулі мейсца сьвяткаваньня.

Розныя былі Дні Волі.


З Днём Волі, са сьвятам, якое ёсьць толькі ў нас - беларусаў ды беларусак!

Жыве Беларусь!

Photo: Johnny Cosmic


Адной з першых справаздачу з учорашняга канцэрту ў сеткі выклала Charter97, выданьне піша:

На канцэрт былі раскупленыя ўсе квіткі.
Легенда беларускага року Лявон Вольскі даў вялікі канцэрт напярэдадні Дня Волі.
Выступ быў прысьвечаны дзесяцігоддзю альбома « Hramadaznaūstva
 »

Фотарэпартаж глядзіце па спасылцы.


Даражэнькія, на суботні канцэрт у Варшаве квіткоў больш няма ў продажы. ✋

Дзякуй вам і да хуткай сустрэчы на сьвяткаваньні 10 гадоў “Грамадазнаўства”!


💬 Спадарства, хто ўсё ж такі выклаў дэма песень “Грамадазнаўства” у сеціва яшчэ да рэлізу? Чаму гэты альбом дасюль актуальны і што казалі крытыкі адразу па рэлізе?

🗣️ Сёньня ў вас ёсьць шанец даведацца пра “Грамадазнаўства” крыху больш ці задаць сваё пытаньне падчас этэру на Euroradio

🔔 У студыі размова з гэнэралам айчыннай журналістыкі Змітром Лукашуком

Далучайцеся да этэру на канале “Еўрарадыё” у YouTube а 14:00 па варшаўскім, а 16:00 па менскім часе.

💪: https://euroradio.fm/gramadaznaustva-ci-atrymalasya-u-volskaga-zlamac-scenar-efir

👉 Этэр будзе тут:
https://www.youtube.com/live/HySHT17T_s8?si=R3TTAFXKI9twdXxz


Грамадазнаўства

Фінал 🔻

Назву альбому падказаў падручнік дачкі, што стаяў на паліцы ў нашай здымнай кватэры. Ганна паказала на яго і прамовіла: “А вось і назва!”.

Лішне казаць, гэта быў падручнік па грамадазнаўстве.

З назвай праекту ўсё атрымалася само сабою. Дызайнэрка зрабіла вокладку, і там было напісана: “Hramadazhaǔstva. Volski”.

Вырашылі так і пакінуць.

Альбом выйшаў 25 сакавіка, на Дзень Волі, як і плянавалася.

Водгукі былі розныя, як заўсёды. Хтосьці захапляўся, камусьці не падабаўся запіс, хтосьці казаў, што нарвэжцы граюць “на аўтамаце”, не разумеючы сэнсу песень, адзін водгук я памятаю дагэтуль: “Гэта альбом у стылі “змагарскі рок”, а час такой музыкі даўно мінуў, шчэ напачатку 2000-х. Зараз — зусім іншы час, іншая рэчаіснасьць, людзей хвалююць зусім іншыя рэчы. Гэта ўсё цяпер зусім ня модна”.

Потым была прэзэнтацыя альбому ў Вільні, але гэта ўжо крыху іншая гісторыя.

І на гэтай амаль аптымістычнай ноце й скончым нашае падарожжа на дзесяць гадоў таму.


Памятаеце, нядаўна ў Instagram мы абвяшчалі конкурс кавэраў да 10-годдзя “Грамадазнаўства”?

Сёньня былі апублікаваныя вынікі і пераможцы конкурсу.

Выбар быў няпросты, бо шмат удзельнікаў вельмі творча падыйшлі да справы і, апроч трох заяўленых прызоў, давялося дадаць яшчэ некалькі заахвочвальных.

Завітвайце ў Instagram, гартайце Stories, каб даведацца, хто выступіць з намі на адной сцэне ўжо ў гэтую суботу 23 сакавіка.

Спасылка на Instagram тут.


Грамадазнаўства

Частка трэцьцяя 🔻

Наступныя месяцы мы курсавалі паміж Вільняй ды Менскам. Я запісваў (цяпер ужо дома) дэма ўсё новых песень, Снорэ рабіў аранжаваньні, ягоны калега (геніяльны бубнач!) Сіндрэ Скэе запісваў бубны, усе гітарныя партыі граў сам прадусар.

Снорэ ўлічваў мае пажаданьні па гітарных рыфах. Я іх таксама дасылаў, калі песьня была рыфавая, і Снорэ альбо выкарыстоўваў мой рыф, альбо перарабляў крыху па-іншаму, пакідаючы сэнс і энэргетыку.
Потым я ў Вільні запісваў галасы.

Для мяне ўсё гэта было абсалютна новым.

Па-першае, я ніколі не займаўся сапраўдным сур’ёзным сольным праектам (“Куплеты і прыпевы” быў, хутчэй, прыкол, а “Белая яблыня” — адукацыйны альбом на вершы клясычных паэтаў), па-другое, не працаваў з замежным прадусарам, які меў сваё канкрэтнае бачаньне матар’ялу.

🔉💿Песьні пачалі пісацца адна за адной — “А Хто Там Ідзе?” ўжо была ў чарнавым варыянце, “Шэрая Кроў” напісалася ў чарзе па літоўскую візу, ідэя “Міліцыянтаў І Прастытутак” высьпявала даўно, але тут зьнянацку аформілася ў песьню, у “Мэфіста” адчуваецца ўплыў “Bad religion”, які я тады слухаў у машыне, “Чужы” напісалася пасьля вандроўкі ў Бэрлін падчас Хаўеру…

Альбом быў амаль гатовы ў сярэдзіне 2013-га, але Снорэ нечакана захварэў, і ўсё прыпынілася…

Тым часам у сеціва (як гэта заўсёды здараецца) пачалі трапляць чарнавыя запісы песень. 😱

Выклалі дэма “Майго Каханьня” (калісьці запісанае з электроннымі бубнамі і басам для фільму “Жыве Беларусь!”, потым невядома адкуль зьявіўся чарнавік “Ламай Сцэнар!”, але, падаецца, гэта выклікала ўвагу адно сталых прыхільнікаў, ня болей.
Ганна вырашыла рабіць рэліз з магутным лэйблам “Пяршак” (34mag), і з гэтай каманды да працы далучылася мастачка й дызайнэрка, якой параілі выкарыстаць у аздабленьні менскія сьцены, на якіх камунальнікі ўпарта зафарбоўваюць графіці, і гэтыя сьцены выглядаюць пярэста, як коўдра з лапікаў.

Потым мы правялі фотасэсію ў фотамастака А.Д., для якой я пафарбаваў твар на бел-чырвона-белы. Паводле задумы, гэты бел-чырвона-белы твар мусіць быць на асноўнай вокладцы альбому.

Тым часам было незразумела, як назваць альбом і як назваць сольны праект?


Гатовыя да працягу?

Частка другая 🔻

Увесну 2012 году ў Вільні нас пазнаёмілі з прадусарам Снорэ Бэргерудам. Ён прыехаў з Нарвэгіі і заснаваў сваю студыю. Увесь такі малады й пэрспэктыўны.
“Я гатовы папрацаваць з вамі, — прапанаваў Снорэ. — Дасылайце дэмы”.
Я даслаў запісаныя ў студыі “Маё Каханьне” і “Сцэнар”, але Снорэ папрасіў запісаць дэма проста пад гітару.
“Толькі акустыка і голас. І ўсё”.
І тады я запісаў на студыі “Осмас” гэтыя дзьве і “Краіны Няма” ў аскэтычнай акустычнай вэрсіі.

“Калі будзеце ў Вільні, папярэдзьце, каб я вызваліў час на студыі, запішам галасы”, — падвёў рысу Снорэ.
У лістападзе акурат ў нас мусіў быць у Вільні канцэрт, і мы дамовіліся, што пасьля канцэрту застанемся і на наступны дзень паспрабуем запісаць вакалы.

Ужо на той час было ясна, што мы працуем над прынцыпова новым альбомам. Ён мусіў складацца з нэрвовых неабыякавых песень, аб’яднаных так званай “грамадзянскай лірыкай”.
Трэба зазначыць, што на той час гэткі жанр быў ня надта запатрабаваны — пасьля жудасьцяў 2010-2011 гадоў пачалося чарговае паслабленьне, пачалі адчыняцца розныя харчова-пітныя ўстановы, арганізоўвацца культурныя прасторы, якія займаліся канцэртамі ды выставамі, паўсюль адбываліся розныя івэнты — здаецца, сучаснае жыцьцё ў горадзе выйшла на якасна іншы ўзровень, і ўсім ужо зусім не да змаганьня з “крывавым рэжымым”, хай сабе зь ім змагаюцца сьмешныя ўтрапёныя ўпартыя “змагары”!

Я запісаў на студыі “Ламай Сцэнар!”, і мы вярнуліся ў Менск.
Неўзабаве Снорэ даслаў чарнавы міксынг. Гэта было настолькі не падобна да таго, што рабілі на беларускіх студыях, што я доўга ня мог зразумець: ці мне падабаецца падыход? Урэшце вырашылі, што гэтае “непадабенства “ — да лепшага, і мы працягваем.


Частка першая 🔻

Гісторыя “Грамадазнаўства
паяалася з 2010-га году, калі мне прапанавалі напісаць музыку да фільму.

Я сустрэўся ў кавярні з Франакам (які, як я зразумеў, быў кансультантам) і польскім рэжысэрам Кшыштафам Лукашэвічам. Яны абмалявалі ў агульных рысах характар і плян працы, было надта цікава (я вельмі люблю пісаць музыку да фільмаў!), мне далі першапачатковы сцэнар, і ўсё пачалося.

У фільме фігуруе студэнцкі рок-гурт, папулярны ў вузкіх колах, які піша й выконвае песьні. Адмыслова для гэтага ўяўнага “гурту” я й напісаў “ягоныя” песьні - “Мая Рэвалюцыя” (энтузыязм, максымалізм — усё як трэба!), “Старшыня” (гратэскны нумар пра старшыню нашага калгасу, які тут ўсім кіруе) і “Гонар Бацькі” (пра бессэнсоўную й бязьлітасную службу ў войску).

Яшчэ да фільму прыдалася песьня “Краіны Няма”, чарнавік якой ужо год як ляжаў у дальняй шуфлядзе стала. Але нечакана пачалі пісацца іншыя песьні, якія, нібыта, наўпрост да фільму і не пасавалі — “Ламай Сцэнар!” і “Маё Каханьне”.

Праз пару гадоў фільм “Жыве Беларусь!” выйшаў. Ён атрымаў некалькі прэміяў на кінафэстывалях і нават адну — за музыку.

У фільме паказваюцца жахлівыя рэчы — перасьлед студэнтаў за іхную пазыцыю, сфабрыкаваныя крымінальныя справы і арышты, жудасная дзядуха ў войску. Памятаю, як тады дружна крычалі хэйтэры: “У нас такога няма й быць ня можа, гэта нейкая натуральная чарнуха!”. Яны, хэйтэры, проста не сутыкаліся з усім гэтым у цывільным жыцьці і ў войску. Ім пашчасьціла.

Я спрабаваў граць песьні кароткім складам (я, Алег Гарус, Алесь-Францішак Мышкевіч і Павал Мамонаў), і мы нават запісалі (спробна) дзьве зь іх (“Краіны Няма” і “Маё Каханьне”), але мне падалося, што гучыць неяк невыбітна, і ўсё прыпынілася…


Вы прагаласавалі практычна адзінадушна 🤔, а таму пачынаю дзяліцца з вамі гісторыяй пра гэты знакавы ўва ўсіх сэнсах альбом - “Грамадазнаўства”.


Распавесьці вам пра гісторыю “Грамадазнаўства”? 🔊
So‘rovnoma
  •   Так, цікава
  •   Не, лепш пра штосьці іншае
  •   А што гэта?
160 ta ovoz


Спасылка на квіткі для тых, хто хоча далучыцца ў суботу да сьвяткаваньня 10 гадоў “Грамадазнаўства” тут.


Застаецца спадзявацца, што нам трэба прайсьці праз гэта, каб выйсьці на іншы ўзровень.

25 сакавіка 2014 году, на Дзень Волі, выйшаў сольны альбом «Hramadaznaǔstva». Хутка будзе юбілей гэтага рэлізу — 10 гадоў. Што адбылося за гэтыя 10 гадоў? Чаго чакаць і на што спадзяваца цяпер?

З аднаго боку, у цяперашнім сьвеце 10 гадоў для музычнага альбому — гэта не такі ўжо й юбілей. Ёсьць знакамітыя рок-альбомы, якім па 50 гадоў, а некаторым і па 60! Але для мяне «Hramadaznaǔstva» сталася падзеяй, якая адбылася роўненька на мяжы розных сьветаў, розных жыцьцяў, розных эпохаў.

За гэтыя дзесяць гадоў мой (і шмат якіх іншых людзей) сьвет незваротна зьмяніўся. Усё пачалося з Майдану, на якім грала «Крамбамбуля». Гэта быў самы канец 2013-га, мы хутка сарганізаваліся, прыехалі ў рэвалюцыйны Кіеў і далі канцэрт на Майдане. Было вельмі халодна (як гэта, чамусьці, часта здараецца падчас грамадзкіх забурэньняў, успомніць хаця б Менск 2006-га ці 2010-га!), людзі грэліся каля металёвых бочак, у якіх гарэлі дровы. Гэты рэвалюцыйны дым лунаў па ўсім цэнтры гораду, усмоктваўся ў валасы, у адзеньне. Разам з дымам у марозным паветры лунала трывога і прадчуваньне чагосьці нядобрага. Мы былі й на першым Майдане, у 2004-м, там было адчуваньне сьвята, карнавала, хуткае немінучае перамогі. Цяпер «карнавальнасьці» ніякай не было, адчувалася роспач і гатоўнасьць ісьці да канца.

Мы вярнуліся ў Менск, адзначылі прыход новага, 2014-га, году, і тут пачалося! Нябесная Сотня, захоп Крыму, вайна на Данбасе... Раней ніхто не сутыкаўся з вайной так блізка — вось яна, зусім побач! Я калісьці граў і ў Харкаве, і ў Данецку, і ў Днепрапятроўску, а цяпер гэта ўсё ахоплена агнём вайны, там адбываюцца жудасныя падзеі, гінуць людзі — і гэта ня Сырыя ці Чачня, далёкія й невядомыя, не, гэта знаёмая тэрыторыя, да якой ты маеш там знаёмых, прыяцеляў і пару вясёлых гісторыяў з кожнае вандроўкі па ёй.

І гэты прысмак блізкай вайны — ён за гэтыя гады нідзе ня зьнік. Ён застаўся з намі.

Потым пачаліся «менскія дамоўленасьці» і ўся гэтая лухта — беларускія «міратворцы», зьняцьце ўсіх санкцыяў, шчодрыя гранты ад Эўрапейскага зьвязу, чарговая лібэралізацыя — новыя бары-кавярні-галерэі-арт-прасторы-вышымайкі-вышыванкі... Ад гэтага часу засталося пачуцьцё брыдкае прыкрасьці — упершыню за ўсе гэтыя доўгія гады беларуская ўлада нарэшце прызнаная Захадам легітымнаю, пры гэтым ты ўсё знаходзісься ў чорным сьпісе, а бабулі на лаўках мармычуць: «Затое ў нас вайны няма»...

Потым я прайшоў праз шэраг стратаў блізкіх людзей...

Потым прыйшоў каронавірус, які змабілізаваў беларускую супольнасьць і канчаткава падарваў давер да ўлады.

А далей... Вы выдатна ведаеце, што было далей. Сьвет кардынальна зьмяніўся і, баюся, наперадзе нас чакаюць новыя й новыя нечаканыя падзеі.

Калі выйшла «Hramadaznaǔstva», у Беларусі ўсё было ціха й спакойна (як усім здавалася). Ну, пару палітвязьняў (а навошта яны лезьлі ў палітыку?), ну, чорныя сьпісы дзеячаў культуры (дык яны, відаць, таксама палезьлі, куды ня трэба!), ну, цэнзура (ай, любая дзяржава займаецца цэнзурай у тае ці іншае ступені!), можна было амаль бесьперашкодна езьдзіць і лётаць, дзе хочаш, зарабляць, прадаваць і перапрадаваць. Здавалася, навошта зноў гэтыя незадаволеныя вострыя песьні, жыві ды радуйся! Але, як высьветлілася, у Беларусі шмат людзей, якім сугучная гэтая эмоцыя, гэты надрыў, гэты нэрв.

Праз увесь альбом скразіць прага зьменаў, але ніхто, прынамсі, я, ня думаў, што гэтыя зьмены будуць вось такія — якія яны ёсьць, часьцяком бязьлітасныя і бессэнсоўныя.

Застаецца спадзявацца, што нам трэба прайсьці праз гэта, каб выйсьці на іншы ўзровень. Вярнуць жыцьцё сваёй краіне, зламаць сцэнар, ісьці за сваім Каханьнем, забыцца на мэлёдыі і рытмы беларускай эстрады і на пытаньне «А хто там ідзе?» замест звыклага «Нікога няма» цьвёрда ды ўпэўнена адказаць: «Беларусы!».


Наша Ніва dan repost
Стала вядомая праграма анлайн-святкавання на Дзень Волі

Каманда БНР100 ладзіць вялікае мерапрыемства.

https://nashaniva.com/338267

Без VPN — па гэтай спасылцы.


Больш не трымаем таямніцы - 25 сакавіка адзначым анлайн для тых, хто ў Беларусі!

Глядзіце лайн-ап, каб узьняць сабе настрой і стаўце ❤️, калі чакаеце.


Паважаныя сябры і дарагія сяброўкі, мы абвяшчаем конкурс кавэраў да 10 гадоў альбома “Грамадазнаўства”!

Вы самі, а можа, вашыя дзеці ці бацькі граеце на гітары ці іншым інструмэнце, ці любіце сьпяваць, а, можа, вы самі арыгінальны выканаўца ці музычны гурт?

Бярыце ўдзел у конкурсе і атрымлівайце прызы да 10-годдзя альбома “Грамадазнаўства”!

Запішыце кавэр на любую песьню Лявона Вольскага, падзяліцеся ў сетках з хэштагам #hramadaznaustva10 і адзначце ў Instagram профіль @volski.official, каб узяць удзел у конкурсе і выйграць адзін з трох прызоў!

🎁Прыз #1: Магчымасьць выканаць свой кавэр альбо засьпяваць разам зь Лявонам Вольскім і гуртом на адной сцэне ў Варшаве 23 сакавіка

🎁Прыз #2: Бясплатны занятак па навучаньні ігры на гітары ці вакалу ў студыі ў Варшаве (ці online - на выбар) гітарыста гурта VOLSKI Паўла Трыпуця

🎁Прыз #3: Падарунак ад кавярні Beerstation Praga (напой + страва)

🏆Пераможцаў абярэ асабіста Лявон Вольскі, вынікі будуць абвешчаныя 20 сакавіка.

Посьпехаў!


Ведаеце, улада — страшная рэч. 🌑

Вось вам прыклад: дырэктар фірмы, які штодня раве на сваіх падначаленых. Відаць, ён і ў сям’і мае нейкія праблемы? Ды не — дома ён зусім іншы, душэўны, вясёлы, клапатлівы бацька і муж. А вось на працы... на працы — сапраўдны цэрбэр! Чаму? А проста так. Таму, што яму дазволена так рабіць. Бо мае ўладу над сваім офісам. Вось і робіць — даводзіць да сьлёз і гістэрык супрацоўніц, хто ведае, магчыма, у кагосьці асабліва ўражлівага могуць узьнікаць нават думкі пра суіцыд... А колькі такіх розных дробных «прэзідэнцікаў», «каралькоў» і «князькоў»?

Ці яшчэ, глядзіце: бухгальтарка будтрэсту, агулам добрая рахманая працаўніца, нават душа калектыву, а дома... дырэктыўна ставіць задачы безыніцыятыўнаму мужу, крычыць на дзяцей і раздае ім поўхі направа ды налева, а ў выніку — муж ратуецца ў алькаголі, а дзеці ў дваровых кампаніях — усё лепей за хатняе пекла! Такім чынам бухгальтарка распарадзілася сваёй уладаю ў сям’і.

Так, гэта неразумна, ірацыянальна, але настолькі спакушальна, што адмовіцца ад гэтага вельмі цяжка, для кагосьці — амаль немагчыма. Уладарыць людзьмі — фірмай, офісам, сям’ёй... А краінай? Усе мы памятаем і бачылі гэта ў 2020-м. Калі чалавек настолькі баяўся страціць уладу, што быў гатовы на ўсё, толькі, каб яна ў яго засталася. Літаральна на ўсё — разбіваць сем’і, калечыць, забіваць — гэта было ў парадку рэчаў. Зрэшты, чаму «было»? Так ёсьць і цяпер.

Ёсьць і іншыя, ня меней страшныя рэчы — калі чалавек бярэ ў рукі зброю, а зь ёю бярэ на сябе абсалютную ўладу над жыцьцямі іншых людзей. Згадайце выпадкі страляніны ў школах ды ўнівэрсытэтах і вусьцішны нядаўні выпадак з варшаўскім гвалтаўніком і ягонай беларускай ахвярай.

Не палохае ані адказнасьць, ані магчымае суворае пакараньне — настолькі моцная спакуса!

Шакаваныя гэтай гісторыяй, беларускі зараз пачалі пісаць у сетках (#хопіцьгвалціць) пра розныя сытуацыі з гвалтам у адносінах да сябе.

Паказальна, што часьцяком гвалтаўнікамі былі акурат не маньякі ці наркаманы з цёмнае падваротні, не. Гэта былі ці то сужэнцы, ці то былыя каханыя хлопцы, ці добрыя сябры. Якія ў пэўны момант ня здолелі адмовіцца ад сваёй улады над іншым чалавекам і змусілі да таго, чаго іншы чалавек не хацеў, да таго, пра што ён будзе ўсё жыцьцё згадваць з непрыемнымі пачуцьцямі ці жахам!

Беларускі амапавец, якому ўсё дазволена і які не праміне пакарыстацца гэтым дазволам, нарвэскі стралок, які сам на сябе ўсклаў уладу над жыцьцямі іншых людзей, два амэрыканскія падлеткі, якія вырашылі вяршыць вярхоўны суд над сваімі аднаклясьнікамі, ваяр ХАМАСу, які косіць аўтаматнымі чэргамі наведнікаў музычнага фэстывалю ці варшаўскі гвалтаўнік з нажом і ў масцы, які ўначы выйшаў у цэнтр гораду на паляваньне — гэта з’явы інтэрнацыянальныя, такое можа адбыцца ў кожнай краіне.

Тут ёсьць важны момант: вельмі важна пільна прыслухацца да сябе — прыгадаць людзей (можа быць, нават зусім блізкіх), якія выкарыстоўвалі сваю ўладу над вамі, прыгадаць выпадкі, калі вы карысталіся сваёй уладай над іншымі людзьмі — у сям’і, у войску, на працы.

Важна адназначна растлумачыць людзям, якія выкарыстоўваюць сваю ўладу над вамі, што так быць ня мусіць. Калі растлумачыць не атрымліваецца, лепш трымацца ад іх падалей.

Ад сябе, напраўду, трымацца падалей не атрымаецца, таму трэба зацьвердзіць: нельга нікога шыхтаваць, прыгнятаць, прэсаваць, нельга карыстацца схемай «калі ня я іх, дык яны мяне». Бо ўсё гэта — з жывёльнага сьвету, і яму ня мусіць быць мейсца ў чалавечым грамадзтве. З гэтага пачынаюцца таталітарызм, дыктатуры і войны.

Гэта — карані чорных парасткаў, якія спрабуюць абблытваць сьвет, і ад якіх трэба адмовіцца. Выкараніць. Раз і назаўсёды.

20 ta oxirgi post ko‘rsatilgan.