хочаш, прыходзь так,
кавы на ўсіх ёсць,
разам пачнем ноч.
я адгарну дах,
ты мой начны госць,
я не жадаў больш.
дзесьці агні, рух,
недзе чуваць смех,
куляй ляціць час.
белы плыве пух.
злодзеем дзень збег,
каб аб'яднаць нас.
ты мой жывы сум,
ты мой начны боль,
ты, далібог, мой.
нашых сустрэч тлум,
гукамі б'е ў столь,
нам не спыніць бой.
ведай, што я там,
дзе акіян слёз,
там, дзе жыве цень.
хочаш, табе дам
права на мой лёс?
проста забі дзень.
24.12.2016, Р.М.
Я шэры цень ад вашага крыла,
Я белы дым ад вашага агню.
Ніколі вам не пажадаю зла
І зграю сумных думак адганю
Ці ветрыкам, што ў вашых валасах,
Ці матыльком, што кружыцца ў вакне –
Ды толькі мы на розных палюсах,
На канцавоссях, быццам “так” і “не”.
Я жоўты ліст, які вы паднялі,
Я рэдкі лістападаўскі блакіт.
Я дождж, які ідзе па ўсёй зямлі,
Змываючы апошні малахіт
З парадкам парадзелых, сумных крон,
Я дождж, які вас больш не праглыне,
Бо паміж намі чорны парасон –
Мінулае, дзе ўжо няма мяне.
25.10.2016, Р.М.
Minsk