Беларусь цяпер у Варшаве, Вільні, Празе, Лёндане, Бэрліне... Дзе беларусы і дзе беларуская мова, там і Беларусь.
Я ня ведаю, ці застаецца яшчэ Беларусь у Рэспубліцы Беларусь — не магу праверыць, бо мне туды езьдзіць даўно нельга, як і многім з нас.
Адмова рэжыму Лукашэнкі выконваць уласныя бюракратычныя абавязкі ў дачыненьні да эмігрантаў зь Беларусі, рэпрэсіі ўнутры краіны, геапалітычная абстаноўка і, галоўнае, невядомасьць, колькі ўсё гэта яшчэ працягнецца, маюць прывесьці беларусаў да аднае высновы: трэба абжывацца на чужыне. Многія гэта адчуваюць, і выдатным выразнікам гэтага стаў хоць бы новы альбом Лявона Вольскага.
Як гэта зрабіць? Калі вы не на фронце ва Ўкраіне і ня можаце туды паехаць, магчыма, вас трохі натхняць сьціплыя парады напаўбеларускага мігранта ў другім пакаленьні.
1. Абжывайцеся, дзе вы ёсьць
Вярнуцца ў Беларусь пасьпееце заўсёды. Аднавіць грамадзянства Рэспублікі Беларусь ці беларускі пашпарт, калі будзе трэба, здолееце. Я ніколі ў жыцьці ня меў беларускага грамадзянства і ў этнічным пляне напалову ўвогуле не беларус. Але любіць беларушчыну і спрабаваць рабіць карысныя для яе рэчы мне гэта ніколі не перашкаджала. А можа, і наадварот, дапамагала.
2. Кожны дзень рабіце хоць нешта беларускае
Не ахвяруйце жыцьцём за Беларусь, не станавіцеся ў матэрыяльную залежнасьць ад яе, але і ня кідайце яе. Не асымілюйце. Гэта ваша помста, захаваньне годнасьці. Гэта ваша дабрачыннасьць, ваша social responsibility і ваша, як гэта выкшталцона гучыць па-нямецку, ehrenamtliche Tätigkeit — рэчы, якім адведзенае абавязковае месца ў жыцьці чалавека з разьвітой краіны. Хай гэта будзе хаця б вашым шчырым хобі, і тады вы ня выгарыце і вас у маратонскім рэжыме хопіць хоць на пяць гадоў, хоць на дзесяць, хоць на дваццаць.
Стварайце рэчы, якія будуць жыць доўга і якія можна было б вярнуць у Беларусь. Бібліятэкі, музэі, мастацкія творы. У беларускай мовы, беларускай культуры, ідэі беларускай незалежнасьці і «прынцыпаў 25 сакавіка» няма іншых носьбітаў, акрамя беларусаў. Іхнае захаваньне і падтрыманьне — шляхетная місія, якой няма каму выконваць, акрамя беларусаў.
3. Гуртуйцеся. Разам лепей
Разам мы сіла. Іншыя беларусы павінны быць паплечнікамі і партнэрамі па камандзе. Спрачаючыся пра беларускую палітыку, мы павінны ўсьведамляць, што любыя супярэчнасьці паміж палітуцекачамі — гэта спартовая міжфракцыйная барацьба вакол тактыкі дасягненьня адных і тых жа мэтаў.
4. Гадуйце дзяцей. Каб яны разумелі і любілі вас
Каб, калі будзе трэба, і праз 50 гадоў, пасьля вашай сьмерці, гэтыя немаладыя палякі, чэхі ці амэрыканцы, нават не размаўляючы па-беларуску і не пабываўшы ніводнага разу ў Беларусі, мелі на сваім to-do-list сярод іншага і дапамогу Беларусі, зьнішчэньне дыктатуры, якая прынесла гора іхным тату ці маме. Помста — дрэннае слова, але помста і вяртаньне даўгоў маглі б быць гэткай міжпакаленнай місіяй беларускай дыяспары і яе нашчадкаў.
Беларусы не габрэі ці армяне. У нас няма прыродных рэлігійных і культурных якараў, якія дазвалялі б стагодзьдзямі падтрымліваць ідэнтычнасьць у выгнаньні.
Ці можна стварыць зь беларускіх выгнаньнікаў трансмежавую супольнасьць (у тым ліку, скажам, з апірышчам на новыя тэхналёгіі), якая перажыла б іхнае першае пакаленьне і не абавязкова б абапіралася на прыток новых мігрантаў зь Беларусі?
Напрошваецца просты адказ «не», бо ў пакаленьня пасьляваеннай эміграцыі гэта відавочна не атрымалася: інстытуты старой эміграцыі трымаюцца толькі дзякуючы сьвежай крыві з мэтраполіі і наступны старшыня Рады БНР, пэўна, будзе з былых грамадзянаў СССР і прадстаўніком эміграцыі 90-х гадоў.
Але відавочны адказ не азначае адсутнасьць патрэбы спрабаваць — каб хаця б магчы сказаць самім сабе, што спрабавалі.
Ну а помста — у любым выпадку рэч простая, зразумелая і вельмі індывідуальная, не залежная ад моднасьці беларускай тэмы ў сьвеце.