На Беларусі, асабліва на Віцебшчыне, пашыраныя легенды пра так званыя «камяні-краўцы». Заўважым, што гэтыя «краўцы», не беручы грошай за сваю працу, выстаўлялі, тым не менш, ці не дзіўнае патрабаванне: каб замоўца амаль дармовай вопраткі катэгарычна адмовіўся ад наведвання царквы, г. зн. вярнуўся да сваёй паганскай веры. І яшчэ адно патрабаванне выстаўлялася наведніку гэтага своеасаблівага капішча: не выказваць сваёй просьбы проста, а, гэтак бы мовіць, «крыва», напрыклад: «Пашый абы як, каб адзін рукаў быў даўжэйшы за другі» ды г. д., паводле вядомай беларускай прымаўкі «кажы крыва — будзе проста». Апошняя акалічнасць, а менавіта спантанная этымалагізацыя слова «кравец» дазваляе ўзнавіць трансфармацыйны шэраг: кравец < крывец < крывіс. Гэта звычайная мадэль замены балцкіх словаў на -is славянскімі формамі на -ец. Такім чынам, мы маем падставы бачыць у гэтых легендах адлюстраванне пэўных гістарычных рэаліяў часоў хрысціянізацыі нашага краю.
— Альманах Druvis №1
— Альманах Druvis №1