"Святы Айцец акрапляе матэрыялы святой вадой, кадзіць іх, пасля чаго зноў апранае мітру і падпяразваецца льняным ручніком, такім чынам паказваючы, што лічыць сябе слугой сапраўдных слуг Божых і што па прыкладзе нашага Пана Езуса Хрыста ён узвышаны да папскай годнасці і пасаджаны на кафедру св. Пятра не дзеля таго, каб яму служылі, але каб самому служыць іншым. Тады вялікі пенітэнцыярый падае яму пасрэбраную кельму, з дапамогай якой ён тройчы бярэ крыху раствору з кошыка, які падносіць цырымоніймайстар. Ён наносіць гэты раствор на парог святых дзвярэй, згодна з бачаннем прарока Амоса, які бачыў Пана з мулярскай кельмай у руках. Парог, такім чынам, аказваецца пакрыты растворам, пасля чаго Папа кідае на яго справа, злева, а таксама пасярэдзіне некалькі залатых і срэбраных медалёў, якія сімвалізуюць трыумфальны Ерузалем, муры якога апісваюцца (Ап 21) як пабудаваныя з каштоўных камянёў. Пасля гэтага Папа пакрывае раствор і медалі трыма квадратнымі камянямі".
https://scriptoriumnostrum.wordpress.com/2025/04/07/roman-jubilee-5/