Шаноўныя бацькі!
Звяртаемся да тых, хто плаціць падаткі ў Літве. Магчыма, вы ўжо ведаеце пра праграму
1,2 % – гэта магчымасць ахвяраваць частку сваіх падаткаў на выбраную вамі справу. Гэта грошы, якія вы ў любым выпадку плаціце, і калі не адрасаваць іх нікому, – яны накіроўваюцца ў бюджэт Літвы.
Што ёсць абсалютна не дрэнна, але таксама можна выбраць перадаць гэтыя грошы туды, куды вам хочацца. Напрыклад, на
адукацыю беларускіх дзяцей.Вы можаце ахвяраваць гэтыя грошы на
беларускую школку – самую вялікую праграму нефармальнай адукацыі ў Літве. Кожныя выходныя маленькія беларусы ў школцы вывучаюць родную мову і гісторыю, малююць, спяваюць і стасуюцца з аднагодкамі. Мы робім школку з 2021 года і вельмі верым у патрэбу нашага праекта.
Для дзяцей гэта спосаб захаваць ідэнтычнасць у новай краіне, вывучыць штосьці новае, ну і – будзьма шчырымі – толкам пашалець з сябрамі.
Для бацькоў гэта магчымасць трошкі адпачыць, пакуль з дзецьмі займаюцца кваліфікаваныя педагогі. Для беларускай супольнасці гэта новае пакаленне, у якім свая ідэнтычнасць інтэгруецца з еўрапейскімі каштоўнасцямі.
Нягледзячы на гэта, атрымаць фінансаванне для школкі ўсё складаней: донары нам кажуць, што трэба школку рабіць платнай. Мы зрабілі нейкую колькасць платных гурткоў, але мы вельмі хацелі б, каб як мінімум гурткі беларускай мовы, гісторыі і культуры заставаліся бясплатнымі заўсёды.
Доступ да роднай мовы не мусіць быць за грошы.
У той жа час мы хочам падтрымліваць нашых педагогаў – гэта прафесійныя і адданыя беларускія настаўнікі, многім з якіх патрэбна фінансавая падтрымка ў эміграцыі.
Школка цягне за сабой і іншыя выдаткі: менеджмент і прыборку, арганізацыю святаў і пачастункі. Мы прыкладзем усе намаганні, каб знайсці фінансаванне на далейшую працу школкі, але, сочачы за тэндэнцыямі гэтага года, мусім рыхтавацца да таго, што цалкам гэта можа не атрымацца.
Пры гэтым 1,2 % вашых падаткаў – падтрымка, якая вам літаральна нічога не каштуе, – дапаможа нам пратрымацца і надалей прапаноўваць нефармальную адукацыю па-беларуску бясплатна.
Калі вы вырашылі размеркаваць
1,2% ад ужо заплочаных падаткаў на падтрымку нашай беларускай школкі, то
вось нашыя рэквізіты:
I. Luckevičiaus baltarusių muziejus, VšĮ, код установы 110082694
Таксама
мы падрыхтавалі відарысы, у якіх падрабязна паказваем, як гэта ўсё знайсці ў сваім падатковым кабінеце. Іх можна паглядзець па
спасылцы.
Але
калі ў вас засталіся любыя пытанні, смела пішыце нам.