«Усе філёзафы валодаюць тым агульным бракам, што яны грунтуюцца на сучасным чалавеку і хочуць прыйсьці да мэты праз аналіз апошняга. Міжволі ім падносіцца “чалавек” зусім, як нейкая aeterna veritas [вечная ісьціна], як заўсёднае ва ўсеагульнаю плыні, як надзейнае мерала рэчаў. Аднак усё, што філёзаф выказвае пра чалавека, ёсць, у існасьці, не што іншае, як сведчаньне пра чалавека вельмі абмежаванага прамежку часу. Брак гістарычнага пачуцьця ёсьць спадчынны брак усіх філёзафаў; шмат хто зь іх прымае нават найнавейшую форму чалавека, што паўстала пад уплывам пэўных рэлігій, порамі проста пад уплывам пэўных палітычных падзей, за трывалую форму, зь якой варта выходзіць. Яны не хочуць засвоіць таго, што чалавек ёсьць прадукт разьвіцьця, што і ягоныя пазнавальная здольнасць ёсьць прадукт разьвіцьця, тады як некаторыя зь іх хочуць нават вывесьці ўвесь сьвет з гэтай пазнавальнай здольнасьці. Але ўсё істотнае у чалавечым развіцьці адбылося ў першабытныя часы, задоўга да тых 4000 гадоў, якія мы прыблізна ведаем; у гэты апошні прамежак чалавек наўрад ці моцна зьмяніўся. Філёзаф жа бачыць “інстынкты” у цяперашным чалавеку й прызнае, што яны належаць да нязменных фактаў чалавечага жыцьця й ў гэтым сэнсе ўтвараюць нават ключ да разуменьня сьвету зусім: уся тэлеалёгія пабудавана на тым, што пра чалавека апошніх чатырох тысячагодзьдзяў кажуць як пра адвечнага чалавека, да якога ўсе рэчы ў сьвеце спрадвечна маюць прыроднае дачыненьне. Аднак усё паўстала; не існуе вечных фактаў, як і не існуе абсалютных ісьцін. Значыцца, пакуль ёсьць сьвет, патрэбна гістарычнае філёзафаваньне, а разам зь ім і ўчыннасьць сьціпласьці.»
Афарызм 2-і "Спадчынны брак філёзафаў" з «Чалавечае, занадта чалавечае», Фрыдрых Ніцшэ
#урывак #гістарычная_філязофія
Афарызм 2-і "Спадчынны брак філёзафаў" з «Чалавечае, занадта чалавечае», Фрыдрых Ніцшэ
#урывак #гістарычная_філязофія