Ці з’яўляецца Беларусь часткай эўрапейскай прасторы?
Чэшскі пісьменнік Мілан Кундэра ў сваім артыкуле
“Выкраданне Захаду, ці Трагедыя Цэнтральнай Эўропы” звяртаецца да важнай тэмы эўрапейства. Менавіта да наступстваў ідэалагічнага падзялення гэтай часткі кантыненту, якое адбылося пасля Другой Сусветнай Вайны, і канфлікту эўрапейскай ідэнтычнасці.
Нарэшце, нават у назве працы выяўляецца існуючае тэрміналагічнае непаразуменне: тое, што для Кундэры “Цэнтральная Эўропа”, мы сёння звыклыя называць Эўропай Усходняй. Але чаму так? Аўтар выкарыстоўвае геаграфічны тэрмін, дзе Эўропай лічыцца прастора да Ўральскага горнага хрыбта, але таксама існуе і гістарычна-палітычнае падзяленне, якое больш звязана з вобразам і пэўным дыскурсам (кантэкстам). Дарэчы, сёння мы рэдка ўжываем геаграфічную перспектыву і, гаворачы пра эўрапейскае, маем на пэўныя інстытуты, каштоўнасці і нават эканамічнае развіццё.
“Па характары палітычнай сістэмы Цэнтральная Эўропа адносіцца да Ўсходу, па гісторыі культуры - да Захаду. Але паколькі сама Эўропа губляе культурную своеасаблівасць, яна не бачыць у Цэнтральнай Эўропе нічога акрамя палітычнага рэжыму ці, іншымі словамі, бачыць у Цэнтральнай Эўропе толькі Ўсходнюю Эўропу.”
Той разрыў, які быў вызваны жалезнай заслонай парадзіў ідэалагічны канфлікт, бо часткі “Эўропы” апынуліся ў сітуацыі Халоднай вайны паміж камуністычнай і капіталістычнай ідэалогіяй. Гэта сфарміравала пэную варожасць да рэгіёну - ён апынуся ахвярай абагульненняў і стэрэатыпаў. Шматлікія культурныя адметнасці і эўрапейскасць Цэнтральнай Эўропы страцілі сваю істотнасць для заходняга рэгіёну, які Кундэра вінаваціць у трагедыі нараўне з Расеяй.
Аўтар падкрэслівае ўнікальнасць і спецыфіку гэтай часкі свету, да якой адносіцца і Беларусь. Вядома, што з часоў публікацыі артыкула ў 1983 шмат чаго змянілася. Наша дзяржава, нягледзячы на прыналежнасць да Эўропы, усё больш аддаляецца ад гэтай ідэнтычнасці. Аднак, каб разумець наш асабісты цяперашні кантэкст і фарміраваць вобраз будучыні, неабходна глядзець на сітуацыю гістарычна і са шматлікіх перспектыў.