Vatican News па-беларуску


Kanal geosi va tili: ko‘rsatilmagan, ko‘rsatilmagan
Toifa: ko‘rsatilmagan


Беларуская рэдакцыя Vatican News https://www.vaticannews.va/be.html

Связанные каналы  |  Похожие каналы

Kanal geosi va tili
ko‘rsatilmagan, ko‘rsatilmagan
Toifa
ko‘rsatilmagan
Statistika
Postlar filtri


Тыдзень у Беларусі – важнае

Дні моладзі Віцебскай дыяцэзіі праходзяць у Браславе. Вучняў школ, прафесійных устаноў, студэнтаў і працуючую моладзь запрасілі на сустрэчу пасля двухгадовага перапынку. 22-24 ліпеня 2022 года у санктуарыі Маці Божай Валадаркі Азёраў моладзь разважае на тэму "Як трываць у Хрысце".

Па выніках першага туру ўступнага экзамену ў беларускія каталіцкія семінарыі залічаны пяць кандыдатаў. 20-21 ліпеня 2022 года ў будынку біскупскай канферэнцыі ў Мінску іспыт прымала камісія на чале з біскупам Аляксандрам Яшэўскім. Другі тур адбудзецца 10-11 жніўня.

Кіраўнік беларускага епіскапату ўзначаліў начную цэлебрацыю ў Гудагаі. Уначы з 16 на 17 ліпеня 2022 года ў санктуарыі Гродзенскай дыяцэзіі Найсвяцейшай Панны Марыі з гары Кармэль біскуп Віцебскі Алег Буткевіч адслужыў Эўхарыстую, перад якой адбылася працэсія з цудадзейным абразом Маці Божай Шкаплернай.

✅ Віцебская Курыя паведаміла, што пробашч мясцовай парафіі Святога Духа ксёндз Андрэй Вашчук быў асуджаны на 15 сутак арышту па абвінавачванні ў парушэнні парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў. Суд адбыўся 18 ліпеня 2022 года ў закрытым рэжыме, таму ў чым канкрэтна абвінавацілі святара, невядома.

Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі і біскуп Юрый Касабуцкі памаліліся за кардынала Казіміра Свёнтка ў гадавіну яго смерці. Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі і Генеральны вікарый архідыяцэзіі 21 ліпеня 2022 года цэлебравалі святую Імшу ў архікатэдры.


Францішак унёс змены ў кіраванне прэлатурай Opus Dei

У Апостальскім лісце Ad charisma tuendum (Каб захаваць харызмат) Папа падкрэсліў, што сваім рашэннем ён хоча лепш дастасаваць арганізацыйную структуру Opus Dei да сведчання яе заснавальніка, святога Хасэмарыі Эскрывы дэ Балагера, і навучання Другога Ватыканскага Сабора пра персанальныя прэлатуры.


Арцыбіскуп Галахер: я хацеў бы ўбачыць рэформу ААН

Паводле сакратара па адносінах Святога Пасаду з дзяржавамі, вайна ва Украіне прынесла “найвялікшае цярпенне, найбольшы боль і найбольшы неспакой” у апошні час, прывяла да розных крызісаў і паставіла пад пытанне будучыню Еўропы.


Набліжаецца “далікатны візіт” Папы ў Канаду

Галоўная мэта візіту Пантыфіка – сустрэча з прадстаўнікамі розных груп карэнных народаў і чарговы крок на шляху да прымірэння. Вясной Папа Францішак сустрэўся ў Ватыкане з прадстаўнікамі карэнных народаў, якія пацярпелі ад злоўжыванняў у так званых рэзідэнцыяльных школах-інтэрнатах, а цяпер хоча “акунуцца ў гэтую рэчаіснасць на канадскай зямлі”.


Папа на Дзень малітвы за стварэнне: адкажам дзеяннямі на плач Зямлі

Плач Зямлі, жывых істот, бедных, карэнных народаў і нашых дзяцей, якія глядзяць у будучыню; заняпад і эксплуатацыя навакольнага асяроддзя – гэта выклікі, на якія неабходна адказаць неадкладна, - напісаў Святы Айцец ў пасланні на Сусветны дзень малітвы аб ахове стварэння, які адзначаецца ў Касцёле 1 верасня.


Арцыбіскуп Галахер: дамова з Кітаем служыць будаванню даверу

“У нас было шэсць біскупскіх прызначэнняў і яшчэ некалькі знаходзяцца на стадыі падрыхтоўкі. Так што, гэта не безвынікова. Я мяркую, што мы хацелі б бачыць больш плёнаў, таму наперадзе яшчэ шмат працы, але ў пэўнай ступені дамова прыносіць вынікі”, - сказаў іерарх. Ён нагадаў, што з прычыны пандэміі на працягу апошніх двух гадоў амаль не было прамых кантактаў паміж Святым Пасадам і Кітаем, якія б маглі пасадзейнічаць лепшаму функцыянаванню пагаднення.


Старшыня Рады Біскупскіх Канферэнцый Еўропы наведаў Украіну

18 ліпеня Мітрапаліт Віленскі прыбыў ў Кіеў, дзе сустрэўся з кіраўніком Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы, архіепіскапам Святаславам Шаўчукоў. Наведваючы кіеўскую грэка-каталіцкую катэдру арцыбіскуп Грушас спусціўся ў падзямеллі сабора, дзе вясной хаваліся сотні мірных жыхароў украінскай сталіцы.


Высокі ватыканскі дыпламат: візіт ва Украіну – прыярытэт Папы

Актуальную сітуацыю ў свеце арцыбіскуп Пол Рычард Галахер назваў “сітуацыяй беспрэцэдэнтнага канфлікту і палярызацыі”. На яго думку, калі раней словы Папы пра “фрагментарную трэцюю сусветную вайну” здаваліся нонсэнсам, цяпер ужо бачна, што Пантыфік меў рацыю.


Пантыфік: ператварыць афрыканскую мару ў рэальнасць

“Сабрацца разам, каб распазнаць, што Бог кажа нам сёння”, каб адказаць на патрэбы, а таксама зрабіць рэальнасцю сацыяльныя, культурныя, экалагічныя і касцёльныя мары – гэта прыкмета Касцёла, які выходзіць насустрач людзям, - зазначыў Святы Айцец.


Святы Пасад у АБСЕ: дзеля бяспекі дзяцей трэба ўмацоўваць сям’ю

Ватыканская дыпламатычная місія прыгадала словы Папы, які казаў пра неабходнасць гарантавання бяспечнага дзяцінства, што дазволіць непаўналетнім з даверам глядзець на жыццё і будучыню, а таксама працытавала папярэджанне Святога Айца: “Гора тым, хто гасіць іх радасны імпульс надзеі!”.


Пантыфік пра святло і цені выкарыстання лічбавых медыя

Пантыфік папярэдзіў, што “выкарыстанне лічбавых сродкаў масавай камунікацыі, у прыватнасці сацыяльных сетак”, выклікала таксама шэраг “сур’ёзных этычных пытанняў”, якія патрабуюць “мудрага і праніклівага суджэння з боку тых, хто перадае інфармацыю, і ўсіх, хто клапоціцца пра сапраўднасць і якасць чалавечых адносін”. Насамрэч, часам “сайты СМІ становяцца месцамі таксічнасці, мовы нянавісці і фэйкавых навін”, - заўважыў Папа, заклікаючы адказаць на гэты выклік з дапамогай “навучання карыстанню сродкамі камунікацыі, сетак каталіцкіх СМІ і супрацьдзеяння падману і дэзынфармацыі”.


Францішак: летні перыяд каштоўны, каб павольна чытаць Евангелле

“Нараканне Марты не здаецца недарэчным, мы нават адчуваем, што яна мела рацыю. Аднак Езус адказаў ёй, “Марта, Марта, ты турбуешся і клапоцішся пра многае, а патрэбна толькі адно. Марыя ж выбрала добрую частку, якая не адымецца ў яе”. Гэты адказ здзіўляе. Але Езус вельмі часта пераварочвае наш лад мыслення. Давайце запытаемся, чаму Пан, цэнячы шчодры клопат Марты, сцвярджае, што перавагу павінна мець пазіцыя Марыі”, - прапанаваў паразважаць Папа.


Святы Айцец: мая пілігрымка ў Канаду будзе пакаяннай

“На жаль, у Канадзе многія хрысціяне, у тым ліку некаторыя члены рэлігійных інстытутаў, спрыялі палітыцы культурнай асіміляцыі, якая ў мінулым рознымі спосабамі нанесла сур’ёзную шкоду мясцовым супольнасцям. Па гэтай прычыне я нядаўна прыняў у Ватыкане некалькі груп прадстаўнікоў карэнных народаў, якім выказаў свой боль і салідарнасць перад абліччам таго зла, якое яны спазналі”, - сказаў Святы Айцец.


Папа: я блізкі да народа Украіны, на які штодня падае дождж ракет

“Як жа дагэтуль не зразумела, што вайна нясе толькі разбурэнне і смерць, аддаляючы народы, забіваючы праўду і дыялог? Я малюся і выказваю пажаданне, каб усе міжнародныя дзеячы па-сапраўднаму прыклалі намаганні для аднаўлення перамоў, а не для распальвання бессэнсоўнасці вайны”, - сцвердзіў Святы Айцец.


Пантыфік: у Панне Марыі Бог дае знак Сваёй блізкасці і ласкавасці

“У Панне Бог дае нам знак Сваёй блізкасці і бясконцай ласкавасці, з якой клапоціцца пра нас. Поўны любові позірк Маці, якая сузірае спячае і поўнае даверу Дзіця, што прытулілася да Яе ўлоння – гэта заклік да таго, каб навучыцца бачыць, праз Яе вочы, Езуса, прысутнага ў нашым бліжнім, і памятаць, што з’яўляемся часткай адзінай сям’і, пакліканай на братэрскага і салідарнага суіснавання”, - падкрэсліў Пантыфік.


Тыдзень у Беларусі – важнае

У Гудагаі пачаліся урачыстасці з нагоды 15-й гадавіны каранацыі цудадзейнага абраза Маці Божай Гудагайскай. Духавенства, мясцовыя вернікі і пілігрымы 15 ліпеня 2022 года ўдзельнічалі ў святой Імшы падзякі, урачыстасці працягнуцца 16 ліпеня-17 ліпеня.

Купалаў фэст у 140-годдзе з дня нараджэння беларускага песняра прайшоў у Радашковічах. 10 ліпеня 2022 года ў мясцовай парафіі Найсвяцейшай Тройцы ўшанавалі памяць народнага паэта Беларусі Янкі Купалы.

Дыяцэзіяльныя ўрачыстасці ў Тракелях завяршыліся аднаўленнем сужэнскіх абяцанняў i Эўхарыстыяй. 10 ліпеня 2022 года, на другі дзень урачыстасцяў у санктуарыі Маці Божай Каралевы нашых сем’яў, свае абяцанні аднавілі больш за 50 пар і затым паказалі супольны танец.

Першы езуіт-беларус склаў вечныя манаскія шлюбы ў пасвячаным напярэдадні касцёле святога Ігнацыя Лаёлы ў Віцебску. Цырымонія ўрачыстага манаскага абяцання айца Віктара Жука адбылася 10 ліпеня 2022 года.

Caritas Мінск працягвае дапамагаць жыхарам сельскай мясцовасці - дабрачыннае каталіцкае таварыства Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі рэалізуе праект «Звераполіс». У чэрвені і ліпені валанцёры і супрацоўнікі Caritas падтрымалі каля 300 чалавек.

У Абухаве Гродзенскага раёна заклалі фундамент новага касцёла. Святыню будуюць па ініцыятыве вернікаў мясцовай парафіі благаслаўлёнага Міхала Сапоцькі. Да гэтага часу ў вялікай вёсцы няма каталіцкай святыні, а тут жыве каля 300 католікаў.

Прадстаўнікі амбасадаў краін Еўразвязу ў Беларусі наведалі Івянец і ўсклалі на прыкасцёльным цвінтары кветкі на магілы польскіх салдат, якія загінулі ў баях Другой сусветнай вайны. Таксама 13 ліпеня 2022 года дыпламаты наведалі тутэйшы касцёл Святога Міхаіла і кляштар францішканаў - помнікі пачатку XVIII стагоддзя.


Папа: у дыялогу можна знайсці лепшы спосаб жыць разам

“Заклік ісці разам – разважаць, адчуваць, працаваць, выказвацца, шукаць пачуццё датычнасці і магчымасць перамен – вось што мы знойдзем на наступных старонках, дзе сабраны і агучаны досвед суразмоўцаў і іх народаў, – заўважыў Пантыфік. – Каштоўнасць прыкладу і досвед тых, хто прысвячае час служэнню іншым, стымулюе да пераасэнсавання нашага спосабу жыцця, узаемаадносін, арганізацыі грамадства і, перш за ўсё, сэнсу нашага суіснавання“.


Ватыканская абсерваторыя пра здымкі з тэлескопа “Джэймс Уэб”

“Выявы галактык, якія ўтварыліся неўзабаве пасля Вялікага выбуху, зробленыя касмічным тэлескопам “Джэйм Уэб”, з’яўляюцца захапляльным прадвесцем таго, аб чым мы можам даведацца ў будучыні дзякуючы гэтай прыладзе”, - гаворыцца ў спецыяльнай заяве, падпісанай дырэктарам абсерваторыі, ксяндзом Гаем Кансальманьё.


Папа заклікаў законнікаў да братэрства і выказаў блізкасць Украіне

Святы Айцец асаблівым чынам звярнуўся да ўкраінскіх базыльянаў. “Я хачу сказаць вам, што я блізкі да вас, увесь Касцёл блізкі, увесь. Я вельмі часта думаю, што адна з самых вялікіх небяспекаў цяпер – гэта забыць пра трагедыю Украіны”, - сказаў ён, з жалем дадаючы, што людзі паступова прызвычайваюцца да вайны і яна знікае з першых палос СМІ. Папа падкрэсліў, што сёння Украіна перажывае мучаніцтва, а таксама пажадаў, каб Пан адарыў украінскі народ літасцю і дарам міру.


Дзяржсакратар пра Украіну, візіт у Афрыку і ролю жанчын у Ватыкане

“Папа хоча паехаць ва Украіну і паедзе як толькі гэта будзе магчыма”, - запэўніў бліжэйшы супрацоўнік Святога Айца, пацвярджаючы намер Пантыфіка адправіцца ў Кіеў, каб выказаць сваю блізкасць украінскаму народу, змучанаму ад ваеннага насілля.

20 ta oxirgi post ko‘rsatilgan.

71

obunachilar
Kanal statistikasi