Двух супрацоўніц светлагорскага тэлеканала "Ранак" затрымалі па крымінальнай справе. Пераслед "Ранка" распачаўся яшчэ ў чэрвені, тады арыштавалі па адміністрацыйных артыкулах 8 чалавек. Пазней канал прызналі "экстрэмісцкім фарміраваннем".
Зразумела, што "Ранак" не выпускаў матэрыялы на палітычныя тэмы, інакш не праіснавалі б яны да лета 2023 г. Але сапраўдная нагода пераследу не палітычная: тэлеканалу не даравалі сюжэт пра выбух на Светлагорскім ЦКК, у якім загінула тры чалавекі.
Якія высновы можна зрабіць з гэтай гісторыі?
Па-першае, дзяржава фактычна ўзяла на сябе адказнасць за той выбух (чым не тэрарысты, ну). І тут нічога дзіўнага. Калі за бяспеку, як і за ўсё іншае, адказваюць не спецыялісты, а ідэолагі з БРСМаўцамі, і калі грошы ў краіне ёсць толькі на мянтоў, а на мадэрнізацыю - няма, сыпацца будзе ўсё.
Па-другое, стабільнасць у тэлевізары - гэта адна з пацуковых традыцыйных каштоўнасцяў. Сыпецца - няхай, але не ў тэлевізары.
І трэцяе, галоўнае. Хлуснёй пранізана ўсё ў "краіне для жыцця". З хлусні перад выбарамі ў 1994 г лукашызм пачаўся, хлуснёй ён жыве. У праўдзе, нават бытавой, не палітычнай, пацукі адчуваюць пагрозу. Таму столькі рэпрэсій супраць выданняў, прысвечаных спорту, бізнэсу, аўтамабілям, чаму заўгодна. Праўда - экстрэмізм сама па сабе. А хлусня - падмурак лукашызму.
Кажуць, палітыкі хлусяць заўсёды, пытанне ў маштабах. Кажуць, што да хлусні дыктатур - самай нахабнай, вар'яцкай і абсурднай - людзі прызвычаіліся. Сёння "Акеанія заўсёды ваявала з Істазіяй", а заўтра "Істазія заўсёды была саюзнікам", - ніхто на хлусню не звяртае ўвагі.
Але хто кажа? Ці не той, хто хлусіць сам?
Мы прызвычаіліся, так. Але і стаміліся бясконца. Як вораг ненавідзіць праўду на ўсіх узроўнях, так і мы ненавідзім хлусню. І ўсе, хто прыйдзе пасля лукі, будуць вымушаныя прыняць гэта. Ніякай хлусні. Хопіць. За трыццаць гадоў нам нахлусілі на ўсе трыста. Мы ведаем, які монстр можа вырасці з маленечкай, нязначнай хлусні. Таму далей - толькі праўда.
Свабоду журналістам!
Свабоду "Ранку"!
Жыве Беларусь!