Я гарадзенец. Я вельмі люблю свой родны горад і ганаруся, што нарадзіўся і выхаваўся ў атмасферы горада на памежжы розных культур. З багатай гісторыяй і прыгожымі краявідамі. Горадня, Гародня, Гродна. Сама назва хавае ў сабе перакрыжаваную тоеснасць. Каралеўскі горад з правінцыйным лёсам. Часцяком кажуць пра нейкую гарадзенскую ідэнтычнасць. Нешта ў гэтым ёсць. Апошні раз я быў у Горадні 5 гадоў таму. Не хачу сеяць паражэнчыя настроі, але можа стацца так, што ўжо ніколі не пабачу горада над Нёманам. Але горад гэта не толькі і не столькі архітэктура ці ландшафты. Горад гэта людзі, які ствараюць унікальную атмасферу месца і з'яўляюцца ягонай душой. Я ўдзячны лёсу, што мог пазнаёміцца з шэрагам выдатных гарадзенскіх асабістасцей. І я вельмі рады, што і сам належу да гарадзенскага калейдаскопу. Калі сустракаюцца гарадзенцы і гарадзенкі, Горадня ажывае вакол нас. Мы і ёсць Горадня!