#Гарацый
Аўтар: Гарацый
Пераклад: Мацвей Драгун
Carmina I.I. / Ода 1.1.
Мецэнаце, унук царскіх валадароў,
абарона мая і асалода ты.
Знойдзеш розных, каму пыл алімпійскі на
палкіх колах падняць наівялікшы дар,
Абагнуць ім карціць мэту¹, каб пальму² ўзяць,
што ўзнясе да багоў, гаспадароў зямлі.
Гэты прагне ляпей, каб наравісты тлум,
што Квірытамі³ зваць, тройчы⁴ пашану даў.
Шчасьце гэнаму, як жытніца ўласная
поўніцца ад даброт, Лібіяй⁵ ўзрошчаных.
Як у радасць каму бацькава абрабляць
поле, то ўжо нішто, Атала⁶ нават скарб,
не прымусіць яго мора Міртойскае
як марак рассякаць судзінай кіпарскай⁷.
Бітва страшная так Афрыка⁸ з хвалямі
Ікарыйскімі для простага гандляра.
Хоць і славіць спакой родных мясцін, але
правіць судзіны, бо беднасць пужае больш.
Хтосьці любіць урваць колькі гадзінак, каб
дзесь з масійскім⁹ віном легчы як найзручней
пад сунічным кустом, што заквітнеў, або
ля вытоку ракі, ля запаветных вод.
Шмат хто лагер абраў, грукат трубы й ражку
перамешаны і так ненавісныя
войны ўсім мацяркам. А паляўнічага
ўзімку¹⁰ ў дом не загнаць жонкі пяшчотамі —
вунь ужо шчанюкі верныя лань грызуць,
дзік марсійскі даўно сетку шалёна рве.
Ставіць побач мяне слаўных адзнака блюшч¹¹
з веліччу ўсіх багоў. У прахалодны гай
ад натоўпу нясуць німфы з сатырамі
ў карагодах мяне. Хай жа Эўтэрпа¹² не
стане флейты спыняць, а Палігімнія¹³
ліру Лесбаскую¹⁴ зладзіць згадзілася.
Далучы ты мяне да песняроў лірных —
Тут жа зорную гладзь я галавой крану.
——————
Ода напісаная ў 23 г.н.э
Памер: 1-ая Асклепіядава страфа
1. Удзельнік спаборніцтваў павінен быў на як мага большай хуткасці аб'ехаць калясніцаю ўбіты ў зямлу жалезны межавы слуп — "мэту", што нярэдка прыводзіла да катастрофы.
2. Пераможцу ўзнагароджвалі вянком з пальмавага лісця
3. Квірыты — урачыстая назва грамадзянаў Рыма
4. Мова ідзе пра тры дзяржаўныя пасады ў Рыме: эдылітэт, прэтуру і кансулат.
5. Лібія была галоўнай жытніцай Рыма.
6. Атал — адзін з уладароў Пергаму, славутага багаццямі царства Малой Азіі.
7. Маецца на ўвазе карабель з кіпарскага лесу.
8. Афрык — у рымскай міфалогіі паўднёва-заходні вецер.
9. Масійскае віно выраблялася з вінаграду, які рос на падгор'і Масік у Кампаніі.
10. У арыгінале "sub Iove frigido", што даслоўна — "пад сцюдзёным Юпітэрам"
11. Блюшч, прысвечаны Бакху, богу віна і натхення, быў узнагародай для паэтаў.
12. Эўтэрпа — муза лірычнай паэзіі.
13. Палігімнія — муза харавой паэзіі і танцаў.
14. На лад лірычных паэтаў з выспы Лесбас — Алкея і Сапфо