#Гарацый
Аўтар: Гарацый
Пераклад: Мацвей Драгун
Carmina III.XXX. / Оды 3.30.
Помнік справіў сабе, cтойкі ён больш за медзь,
царскі стан пірамід пераўзыходзіць ён.
Ані ўедлівы дождж, ні Аквілон ліхі
не зруйнуюць яго, ні чарада гадоў
незлічоных, ані часу няспынны рух.
Не зусім я памру: частка вялікая
Лібітыніных рук збегне, і славаю,
што не ссохне павек, буду расці, пакуль
жрэц усходзіць на холм з дзевай маўкліваю.
Дзе буяе Аўфід, дзе на бязводдзі Даўн
быў там колісь царом люду сялянскаму,
скажуць, што я адтуль велічыні сягнуў,
Эалійскую песнь на Італійскі лад
першы я запяяў. Узганарыся ж і
мне Дэльфійскім вянком згодна з заслугамі,
Мельпамэна, уві міласціва галоў.
——————————————
1. Аквілон — аналаг старагрэцка Барэя, бога паўночнага ветру
2. Лібітына — у рымскай міфалогіі багіня смерці, мёртвых, пахавання і зямлі
3. Аўфід — галоўная рака Апуліі, радзімы Гарацыя
4. Мельпамэна — у старагрэцкай міфалогіі муза трагедыі