Май-Верас Цалаваў


Kanal geosi va tili: ko‘rsatilmagan, ko‘rsatilmagan
Toifa: ko‘rsatilmagan



Kanal geosi va tili
ko‘rsatilmagan, ko‘rsatilmagan
Toifa
ko‘rsatilmagan
Statistika
Postlar filtri


Атэнянка
(Maid of Athens)

Атэнянка, вось і ўсё.
Сэрца мне вярні маё.
Альбо раз тваё зусім,
Забірай і рэшту зь ім.
Толькі слова — й я пайшоў:
Ζωή μου, σᾶς ἀγαπῶ.

Кудзеркі, што лашчылі
Ўсе Эгейскія вятры.
Вейкі, чорны беражок,
Што цалуе чырвань шчок.
Як у лані, погляд твой.
Ζωή μου, σᾶς ἀγαπῶ.

Вусны, іх я смак спазнаў,
Падпярэзаны твой стан.
Кветка, дадзеная мне,
Кажа больш за словы ўсе.
За кахання дар і боль
Ζωή μου, σᾶς ἀγαπῶ.

Атэнянка! Ўсё ж бывай.
У самоце ўспамінай.
Хоць ляцець мне у Стамбул
Тут пакінуў я душу.
Не, ня сьцішыць мне любоў!
Ζωή μου, σᾶς ἀγαπῶ.

Джордж Байран
пераклад з ангельскай


нешта вецер сягоння зімны —
стаў бяднейшы на некалькі зімаў,
першы чуе сьцюжу вакзал.
ледзянее найперш прыпынак.

я заўсёды купляю квіток —
стаў бяднейшы на 30 капеек.
ён вязе мяне на Ўсход
і слухмяна мармыча ў кішэні.

на наступнай цягнік мяне строс —
стаў бяднейшы на цэлую вечнасьць.
і дагэтуль кульгае наш мост,
восьмай прыступкаю кленчыць.


Восіп Мандэльштам
(Бяссонне. І Гамэр. Тугія ветразі...)

Бясонне. І Гамэр. Тугія ветразі.
Са сьпісу караблёў я прачытаў палову:
Пра доўгі вывадак, пра поезд жураўлёў, што
Па-над Гэллядаю калісьці ўзьняўся й зьнік.

Як жураўліны клін у чужыя рубяжы, —
Цароў галовы боская кудлаціць пена, —
Куды вы плывяце? Без хараства Алены
Што Троя вам адна, ахейскія мужы?

І мора, І Гамэр — усё поўніцца любоўю
Каго ж паслухаць мне? І вось Гамэр маўчыць,
А мора чорнае гайдаецца, шуміць
І зь цяжкім грукатам усходзіць да ўзгалоўя.

пераклад з расейскай


чорны кот
нібыта бы мяне пазнаў
ён аглянуўся
нібыта на знаёмы твар
нібыта той які
ён даўна не відаў
і так пайшоў
нібыта цень
сапраўднага ката


#МайВерасЦалаваў #верш

сапфічная страфа

Я хачу каб скура мая гарэла
Шклом, якое, як у гары Вулкана,
Палымнее, ў месцах, дзе ты хавала
Свой пацалунак.

толькі…
шкло яно таму і шкло,
што становіцца халодным.
і яно,
набыўшы форму,
для таго –
каб урэшце рэшт разьбіцца.
так і рукі,
плечы,
лоб,
элемэнты твару
разьляцяцца на аскепкі
ў якіх тваё
адлюстраванне.


невыбачальным злачынствам было б ня выкласьці арыгінал:

Ну, скажи — хiба не фантастично,
Що у цьому хаосi дорiг
Пiд суворим небом,
Небом вiчним,
Я тебе зустрiв i не зберiг?
Ти i я — це вiчне, як i небо.
Доки мерехтiтимуть свiти,
Будуть Я приходити до Тебе,
I до iнших йтимуть
Гордi Ти.
Як це все буденно!
Як це звично!
Скiльки раз це бачила Земля!
Але ми з тобою...
Ми не вiчнi,
Ми з тобою просто — ти i я...
I тому для мене так трагiчно
Те, що ти чиясь, а не моя.


Ну, скажы — хіба не недарэчна,
Што ў хаосе зблытаных дарог
Пад суворым небам,
Небам вечным,
Я цябе сустрэў і не зьбярог?
Ты і я — то вечна, як і неба.
Покуль будуць мігацець зьнічы,
Будуць Я прыходзіць да Цябе і
Йсьці да іншых будуць
Горда Ты.
Як гэта будзённа!
Як спрадвечна!
Колькі раз ўжо бачыла Зямля!
Але мы з табою…
Мы ня вечны,
Мы з табою проста — ты і я…
Ад таго і так трагічна ведаць,
Што чыясьці ты, а не мая.

Васыль Сіманенка / Василь Сімоненко
*пераклад з украінскй


Плач Данаі
сьпі сыночак мой маленькі
галубочак сізенькі
я цябе не калыхацьму
калыхацьмуць хвалі
я цябе не залюляю
вецер залюляе

люлі люлі люлі

недзе поўня там высока
толькі нам ня сьвеціць
аднясе нас плынь далёка
дзе пакажа месяц

люлі люлі люлі

цесна ў нашай дамавіне
але ты расьці Пэрсэйку
можа выкіне нас мора
на яку зямельку

люлі люлі люлі

захалодна тут у скрыні
але не цяплей на сьвеце
як ня грэе цябе сонца
будзе мамка грэці

люлі люлі люлі


ядро
я дро
я дробязь
ад мяне
ад’ядраецца
аддзяраецца
вайна
ядзерная


я кінуты на раллю
немаўля Тэлемах
бездапаможна дрыгаюся
пакуль мой бацька
ці то манюка ці то вар’ят
старанна буксуюць лыткі
ад Ітацкай зямлі незадаволена
моршчыцца струк
я аракулам чую
як збочвае плуг
я выкрыкваю красамоўна
ў сваім старагрэцкім “уга”
лёс крэпкамурнае Троі
мядзяназбройных Данайцаў
і здрэвапабудаванага каня

магчыма як вернецца тата
я таксама атрымаю
драўлянага скакуна

потым быў бляск дасьпеху
блізка мама была
ніхто карабель не паверне
Нікога чакаем назад


Да Мэцэната
(Maecenas atavis edite regibus...)
Гарацый / Horatius

Мэцэнаце, унук царскіх валадароў,
абарона мая і асалода ты.
Знойдзеш розных, каму пыл алімпійскі на
палкіх колах падняць наівялікшы дар,
Абагнуць ім карціць мэту¹, каб пальму² ўзяць,
што ўзьнясе да багоў, гаспадароў зямлі.
Гэты прагне ляпей, каб наравісты тлум,
што Квірытамі³ зваць, тройчы⁴ пашану даў.
Шчасьце гэнаму, як жытніца ўласная
поўніцца ад даброт, Лібіяй⁵ ўзрошчаных.
Як у радасьць каму бацькава абрабляць
поле, то ўжо нішто, Атала⁶ нават скарб,
не прымусіць яго мора Міртойскае
як марак рассякаць судзінай кіпарскай⁷.
Бітва страшная так Афрыка⁸ з хвалямі
Ікарыйскімі для простага гандляра.
Хоць і славіць спакой родных мясьцін, але
правіць судзіны, бо беднасьць пужае больш.
Хтосьці любіць урваць колькі гадзінак, каб
дзесь з масыйскім⁹ віном легчы як найзручней
пад сунічным кустом, што заквітнеў, або
ля вытоку ракі, ля запаветных вод.
Шмат хто лягер абраў, грукат трубы й ражку
перамешаны і так ненавісныя
войны ўсім мацяркам. А паляўнічага
ўзімку¹⁰ ў дом не загнаць жонкі пяшчотамі —
вунь ужо шчанюкі верныя лань грызуць,
дзік марсійскі даўно сетку шалёна рве.
Ставіць побач мяне слаўных адзнака блюшч¹¹
зь веліччу ўсіх багоў. У прахалодны гай
ад натоўпу нясуць німфы з сатырамі
ў карагодах мяне. Хай жа Эўтэрпа¹² ня
стане флейты спыняць, а Палігімнія¹³
ліру Лесбаскую¹⁴ зладзіць згадзілася.
Далучы ты мяне да песняроў лірных —
Тут жа зорную гладзь я галавой крану.

——————

Ода напісаная ў 23 г.н.э
Памер: 1-ая Асклепіядава страфа
1. Удзельнік спаборніцтваў павінен быў на як мага больша хуткасьці аб'ехаць калясьніцаю ўбіты ў зямлу жалезны межавы слуп — "мэту", што нярэдка прыводзіла да катастрофы.
2. Пераможцу ўзнагароджвалі вянком з пальмавага лісьця
3. Квірыты — урачыстая назва грамадзянаў Рыма
4. Мова ідзе пра тры дзяржаўныя пасады ў Рыме: эдылітэт, прэтуру і кансулят.
5. Лібія была галоўнай жытніцай Рыма.
6. Атал — адзін з уладароў Пэргаму, славутага багацьцямі царства Малой Азіі.
7. Маецца на ўвазе карабель з кіпарскага лесу.
8. Афрык — у рымскай міталёгіі паўднёва-заходні вецер.
9. Масыйскае віно выраблялася зь вінаграду, які рос на падгор'і Масык у Кампаніі.
10. У арыгінале "sub Iove frigido", што даслоўна — "пад сьцюдзёным Юпітэрам"
11. Блюшч, прысьвечаны Бакху, богу віна і натхення, быў узнагародай для паэтаў.
12. Эўтэрпа — муза лірычнай паэзіі.
13. Палігімнія — муз харавой паэзіі і танцаў.
14. На лад лірычных паэтаў з выспы Лесбас — Алкея і Сапфо


людзі кажуць —
мастак мае быць галодным,
Барт — што аўтар памёр:
відаць, ад голаду.
у найгоршыя часы
ён аблізваў канчаткі,
старанна жаваў скланеньні,
калі грыз раман,
актыўна пляваўся коскамі,
кропкі выходзілі потым самі.
з усімі разьлікамі гнаў эпітэты,
не аддзяляючы ні галовы,
ані хвасты,
пакуль не анямеў, як рыба,
не асьлеп, як Гамэр,
страціў смак
і густ.
у прычыне сьмерці:
атруціўся.


кароткі літагляд

эпісталярная ліатаратура
становіцца карацей
разьдзел цягнецца
ў адно паведамленне
прабачай па-сяброўску Пліній
Вэзувій рана ці позна
сьцiхне
санэты ў вянку
па адным радку
не прабачай Пэтрарка
кажуць
няма калектыўнай віны
толькі адказнасьць


Лісты рымскаму сябру
Іосіф Бродзкі

Нешта ветрана і хвалі зь перахлёстам.
Хутка восень, ўсё зьмяняцца стане.
Зьмена фарбаў больш кранальная, мой Постум,
чым пераменлівасьць дзявочага ўбрання.

Да вядомае граніцы цешыць дзева —
Не пайсьці далей за локаць ці калена.
Як прыгожае прыемней па-за целам:
І абдымкі, й здрада малавераемны!

***

Вось, мой Постум, дасылаю табе кнігі.
Што ў сталіцы? Мякка сьцелюць? Спаць ня цьвёрда?
Як там Цэзар? Чым заняты? Ўсё інтрыгі?
Ўсё інтрыгі, пэўна, і наўрад цьвярозасьць.

Я сяджу ва ўласным садзе, бліз лампада.
Ані бабы, ані сябра, ні знаёмых.
Замест моцных сьвету гэтага і слабых —
Толькі мірнае гудзенне насякомых.

***

Тут ляжыць купец, ён з Азіі. З талковых
быў купцоў і працаваў тут непрыкметна.
Хутка ўмёр — празь ліхаманку. У гандлёвых
справах ён сюды прыплыў, а не па гэта.

Побач зь ім — легіянэр, пад грубым кварцам.
Бітвамі імпэрыі прынёс уславу.
Колькі раз ледзь не памёр! А згінуў старцам.
Нават тут нямашака, мой Постум, правіл.

***

Праўда, Постум, птушкай не назваць курыцу,
толькі з ґлуздамі курыцы цяпнеш гора.
Калі выпала ў Імпэрыі радзіцца,
лепш ужо ў глухой правінцыі ля мора.

І ад Цэзара далёка, і ад сьцюжы.
Хлусіць не патрэбна, слацца ды хіліцца.
Кажаш ты, што ўсе намесьнікі рабуюць?
Рабаўнік мілейшы мне за крывапійцу.

***

Прачакаць залеву я з табой, гетэра,
Згодны, толькі ты давай бяз гандлю:
Браць сэстэрцы з пакрываючага цела —
ўсё адно што спаганяць драніцу з даху

Пратачаю, кажаш? Бачыш лужу?
Каб я лужу пакідаў, то не было так.
Вось як знойдзеш там якога-небудзь мужа,
ён табе і будзе пратачаць на ложак.

***

Болей за палову неяк пражылі мы.
Раб стары мне раз сказаў такую штуку:
"Аглянесся — й ўбачыш толькі што руіны".
Погляд барбарскі, вядома, але слушны.

У гарах быў. Калупаюся з букетам.
Трэба збан знайсьці, тады вады налью ім...
Як у Лівіі, мой Поступ, — ці ўжо дзе там?
Кажуць, мы дагэтуль ўсё яшчэ ваюем?

***

А ці памятаеш ты намесьніка сястрыцу?
Хударлявая, а з поўнымі нагамі.
Ты зь ёй спаў яшчэ… Нядаўна стала жрыцай.
Жрыцай, Постум, размаўляе там з багамі.

Прыяжджай, пап’ём віна, закусім хлебам.
Або сьлівамі, раскажаш мне аб новым.
Ў садзе пасьцялю табе пад чыстым небам.
І скажу як называюцца сузор’і.

***

Хутка, Постум, сябра, што любіў складанне
адыманню па рахунку даўняму заплоціць
Забяры ты з-пад падушкі ашчаджанні,
хоць нямнога там, на пахаванне хопіць

Едзь тады на вараной сваёй кабыле
ў дом гетэр пад гарадзкія нашы сьцены.
Дай цану ім за каторую любілі,
каб за тую ж і паплакалі над целам.

***

Зеляніна лаўра, ўзятая дрыготкай.
Дзьверы нараспашку, пыльнае ваконца,
кінутае крэсла, адзінокі ложак.
Мятая тканіна, што ўвабрала сонца.

Понт шуміць за чорнай агароджай піній
Чыйсьці човен б’ецца зь ветрам каля мыса
На рассохлай лавачцы — Старэйшы Пліні.
Дрозд шчабеча за капною кіпарыса.

пераклад з расейскай


рэтрарычны шпацыр

сёння я ўзяў з сабой
дратовыя слухаўкі
а паміж іншым
каб вы ведалі
сёння халодна

на холадзе
дратовыя слухаўкі
становяцца больш падобнымі
да незапаранай макароны
хоць у кагосьці няма запараў

гэты верш цягнецца
адзін аўтобусны прыпынак
як адна песьня у дратовых слухаўках
як адзін заход кантралёраў

я не люблю сіняга колеру
асабліва на камізэльках
і не люблю чырвонага
але толькі на валідатарных крыжыках
я ж не Хрыстос
і дай божа
выжыву

такі вечар рэтра
у рэтрадратовых слухаўках
бязь іх чуваць
толькі расейскую музыку
а хацелася б трасянку
ці хаця б суржык


няясна для чаго я нашу з сабой парасон
парасон які больш падобны да баравіка
з узорамі Лёндана

навошта мне парасон
які не хавае ад дажджу
дый не сказаць, што я моцна хачу
хавацца

навошта мне парасон
які захінае мяне ад плямаў
калі хачу быць падобным
да леапарда

праз парасон
дождж трапляе толькі
на мае паношаныя кеды
з а к р э м з а н ы я

кеды якія бачылі
такое блізкае
такое страчанае
карацей кажучы
Менск

мэталічныя вочкі ў кедах
паміма шнуркоў бачылі
эмігрантаў
сяброў
урэшце рэшт
якая розьніца

дождж паціху сьцірае
ўсе кедавы ўспаміны
(напэўна правільней кедзіны)
а ўсё праз нявыкарыстаны
парасон
які я нашу з сабой

і ніяк не дастану


заняткі фізікай

мне нехта расказаў:
"калі пачаць бегчы
пад дажджом,
то змокнеш яшчэ больш".

нешта пра фізіку:
хтукасцьцпаскарэннеадлегласьць
і, што самае балючае, —
час.

калі мы дапусьцім:
думкі майго інфарматара
слушныя,
то трэба стаяць?

але так ты ня толькі "змокнеш яшчэ больш",
а проста не перастанеш мокнуць,
хіба што
дождж перастане.

якісь разумнік,
чытаючы гэта заўважыць,
што трэба проста ісьці,
такая сабе aurea mediocritas.
але як зразумець,
што ты не бяжыш?

атрымоўваецца,
час вымяраецца мной,
адлегласьць заўсёды кімсьці іншым,
а хуткасьць вымяраецца тым,
наколькі ты ўрэшце рэшт
змок.


Ушачы — Менск

я асабіста ведаю, што ў слове "шыя" ёсьць літара "ы" —
мой лінгвістычны аналіз паэта дазваляе рабіць такі вынік.
я асабіста ведаю, што ў дзіравае вядро не набярэш вады,
але калі ты, напрыклад, такі ўжо паэта,
то, можа, яно табе і ня трэба.
я асабіста ведаю, што крэсла — 4 нагі, дзеравяшкай накрытыя,
але, ведаеце, у Бродзкага ўсё крыху больш заблытана.
я асабіста ведаю, як рэагуе машына на ямкі,
і калі на плячы нехта сьпіць, любы годны паэт гарыць нянавісьцю да брукаванкі.
я асабіста ведаю ейны колер вачэй,
яны колеру мора,
але на практычным узроўні ейныя вочы далёка ня мора,
бо мора звычайна вельмі салёнае,
а ў салёнай вадзе, як вядома,
паэт наўрад ці патоне.


Конь і асёл
(ΙΠΠΟΣ ΚΑΙ ΟΝΟΣ)

Калісьці дзядзька йшоў з дабром дахаты
І меў асла з канём за памагатых.
І недзе па дарозе, асёл суседа просіць:
“Ох косю, вазьмі цяжару хоць крыху,
Бо я ўжо праўда не магу”.
А конь на ўпрошванні ніяк не паддаваўся,
Асёл ў знямозе лёг — і так з жыццём расстаўся.
Гаспадару адное толькі засталося,
Што пагрузіць усё каню, каб нёс ён,
І зверху шкуру ішака.
“О бедны я! —
зароў наш конь у скрусе. —
За што такое мне пакуцце!
Бо раз тады не ўзяў менш грузу здуру,
Цяпер, глядзі ж, нясу я ўсё, і шкуру”.

Эзоп/Αἴσωπος


Пра мяцеж
(Of Treason)

Чаму мяцеж ніколі не перамагае?
Бо йначай мае іншае названне.

John Harington

20 ta oxirgi post ko‘rsatilgan.

44

obunachilar
Kanal statistikasi