У 13-й кнізе сваёй “Алексіады” Ганна Камніна, дачка візантыйскага імператара Алексія Камніна (1081–1118), падрабязна распавядае пра паход Баэмунда Тарэнцкага супраць Візантыі (1107–1108), ягоную паразу і сустрэчу з імператарам на рацэ Дэвол (верасень 1108 г.), дзе быў падпісаны мірны дагавор. Акрамя іншага, візантыйская прынцэса дэталёва апісвае знешні выгляд Баэмунда (XIII.10). Гэтае апісанне стварае вобраз гэткага “прывабнага злодзея”: фізічна развітага, моцнага, велічнага, прыгожага, разумнага, красамоўнага і адначасова суворага, “зверападобнага”, хітрага і выкрутлівага. Толькі адзіны чалавек у свеце перасягаў Баэмунда ва ўсім і мог перамагаць яго — гэта, натуральна, імператар Алексій, бацька Ганны Камніны.
Трэба, аднак, зазначыць, што сама Ганна магла бачыць Баэмунда толькі адзін раз — у 1097 г., калі войскі Першага крыжовага паходу праходзілі праз Канстантынопаль. Падрабязнасці сустрэчы імператара з Баэмундам у 1108 г. яна магла даведацца ад свайго бацькі і свайго мужа Нікіфара Урыенія, які ў той дзень асабіста размаўляў з франкскім князем працяглы час. Аднак усё гэта было запісана ёю толькі ў 1140-х гадах...
Гаворачы пра знешні выгляд Баэмунда, Ганна падкрэслівае, што ён быў так чыста паголены, што нельга было зразумець, якога колеру была б ягона барада, калі б ён яе насіў. Вось дакладная цытага з грэцкага арыгіналу: “τὸ δὲ γένειον εἴτε πυρσὸν εἴτε ἄλλα τι χρῶμα εἶχεν, οὐκ ἔχω λέγειν ὁ ξυρὸς γὰρ ἐπεξῆλθεν αὐτὸ καὶ τιτάνου παντὸς ἀκριβέστερον” (XIII.10.4). Пераклад гэтага пасажа залежыць ад таго, як перакладаць слова
τίτᾰνος. Слоўнікі даюць наступныя ягоныя значэнні: ‘белая зямля’, ‘крэйда’, ‘гіпс’, ‘вапна’, ‘мармур’, ‘мармуровае крышыва’. Адпаведна, перакладчыкі прапануюць розныя варыянты.
RHC. Gr., t. 1 (Paris, 1875), p. 166–167 : “Barba cujus coloris esset, sive rusi sive alius, non possum dicere; novaculam enim genas ac mentum expoliverat et quovis gypso reddiderat leviora.”
The Alexiad of The Princess Anna Comnena, trans. Elizabeth A. S. Dawes (London, 1928), p. 347: “Whether his beard was reddish, or any other colour I cannot say, for the razor had passed over it very closely and left a surface smoother than chalk.”
Anne Comnène, Alexiade: règne de l’Empereur Alexis Ier Comnène (1081–1118), éd. et trad. Bernard Leib, t. 3 (Paris, 1945), p. 123: “Sa barbe était-elle rousse ou d’une autre couleur ? Je ne pourrais le dire, car le rasoïr avait passé sur elle et laissé une surface aussi polie que le marbre.”
The Alexiad of Anna Comnena, trans. E. R. A. Sewter (London, 1969), p. 422: “Whether his beard was red or of any other colour I cannot say, for the razor had attacked it, leaving his chin smoother than any marble.”
Анна Комнина, Алексиада, пер. Я. Н. Любарского, 3-е изд. (Санкт-Петербург, 2010), с. 314: “Была его борода рыжей или другого цвета, я сказать не могу, ибо бритва прошлась по подбородку Боэмунда лучше любой извести.”
Гаворка можа ісці аб тым, што пасля галення твар Баэмунда зрабіўся гладчэйшы за крэйду, гіпс або мармур, ці пра тое, што брытва выдаліла расліннасць на твары Баэмунда лепей за ўсялякую вапну.
У тыя часы ў Візантыі ставіліся да барады вельмі паважліва, лічылі яе сімвалам годнасці і сталасці, а таксама адным з маркераў, які дапамагаў адрозніць рамеяў ад гладка паголеных лацінянаў. На Захадзе ж мужчыны звычайна галіліся, але значна радзей, чым цяпер: нават каталіцкія манахі, якім статуты забаранялі насіць бароды, галіліся ўсяго раз на некалькі тыдняў. Таму паголеным маглі называць і такі твар, на якім было бачнае шчацінне. Цікава, што пад 1081 г. Ганна зазначае наяўнасць у Баэмунда барады, з якой падчас асады Дырахія кпілі венецыянцы (IV.2.4). Такім чынам, ці то візантыйская прынцэса, акцэнтуючы ўвагу на чыста паголеным твары Баэмунда, хацела яшчэ раз падкрэсліць ягоную “франкскасць” і “варварства”, ці то сам Баэмунд, які выдатная ведаў пра стаўленне візантыйцаў да барады, наўмысна пагаліўся, ідучы на сустрэчу з імператарам, каб такім чынам падкалупнуць таго.
#Баэмунд_Тарэнцкі #Візантыя #візантыйцы #барада #пераклады